СЛУЦК - САЛIГОРСК

 1 день

СЛУЦК – САЛІГОРСК

Паломніцтва адбудзецца 14 чэрвеня.

 

Дарагія паломнікі!

Запрашаем вас у самае сэрца беларускай ідэнтычнасці - горад Слуцк – на радзіму св.Сафіі Слуцкай і сусветна вядомых слуцкіх паясоў.

Знаёмства з горадам пачнецца з Літургіі ў кафедральным саборы св.Архангела Міхаіла. Сабор быў пабудаваны ў XVIII стагоддзі. Вонкавае аблічча храма ўнікальнае для Беларусі. Гэта адзіны ўзор Слуцкай школы драўлянага дойлідства, які захаваўся.

Па заканчэнні богаслужэння мы азнаёмімся з прыходам, а пасля абеду здзейснім шпацыр па горадзе, дзе ўбачым скульптуры св.Сафіі Слуцкай і Анастасіі Слуцкай.

Святая праведная Сафія, княгіня Слуцкая– апошняя прадстаўніца роду слуцкіх князёў Алелькавічаў. У шлюбе з нясвіжскім князем кальвіністам Янушам Радзівілам засталася праваслаўнай. Дзякуючы Сафіі Юр'еўне Слуцкае княства падчас царкоўнай уніі захавала вернасць праваслаўю.

Анастасія Іванаўна Слуцкая была дачкой Івана Юр'евіча, мсціслаўскага князя руска-літоўскай галіны Гедымінавічаў. Муж Сафіі Юр'еу́ны князь Януш з'яу́ляецца бацькам Багуслава Радзівіла - стваральніка Жодзіна, у тыя часы - Багуслау́-Поле.

Далей мы накіруемся ў капліцу св.Варвары. Трэба адзначыць, што Варварынская царква ў Слуцку вядомая па дакументах з XVI стагоддзяю У 1792 годзе пасля пажару гэты храм фактычна перастаў існаваць, але памяць аб ім захавалася сярод гараджан. І ў 1996 годзе на беразе Случы, проста ў цэнтры горада, быў пабудаваны новы драўляны храм.        

 

СЛУЦКІЯ ПАЯСЫ

«Ад родных ніў, ад роднай хаты

У панскі двор дзеля красы

Яны, бяздольныя, узяты

Ткаць залатыя паясы…

 

Найбольш вядомай мануфактурай на тэрыторыі Рэчы Паспалітай была Слуцкая, яе ў 1758 годзе заснаваў Міхаіл Казімір Радзівіл, вялікі гетман Літоўскі. Паясы ткаліся з тонкіх шаўковых, залатых і срэбных нітак. Адзін выраб мог утрымліваць ад 65 да 200 грамаў каштоўнага металу. Слуцкія паясы не мелі асабовага або адваротнага боку — насіць можна было і адной, і другой у залежнасці ад абставін.

У адпаведнасці з Дзяржаўнай праграмай у Слуцку праведзена мадэрнізацыя фабрыкі мастацкіх вырабаў, адноўлена ўнікальная тэхналогія ткацтва, наладжана вытворчасць копій знакамітых твораў мастацтва, створаны Музей гісторыі слуцкіх паясоў, які мы з вамі і наведаем.

Завершым знаёмства з горадам наведваннем Сафійскага манастыра. Слуцк — - гэта горад, у якім праваслаўныя традыцыі былі жывыя заўсёды. У канцы 1992 - пачатку 1993 года па блаславенні мітрапаліта Мінскага і Слуцкага Філарэта было прынята рашэнне стварыць у горадзе яшчэ адну праваслаўную абшчыну. А ўжо ў лістападзе 2012 года ўладыка Філарэт даў благаславенне на арганізацыю жаночага манастыра ў Слуцку. У студзені 2013 года ў Слуцк былі накіраваны сёстры Спаса-Еўфрасініеўскага манастыра горада Полацка для арганізацыі манастырскага жыцця. 28 сакавіка 2013 года Сінод Беларускай Праваслаўнай Царквы пастанавіў дабраславіць пераўтварэнне парафіі храма ў гонар святых пакутнікаў і бяссрэбранікаў Космы і Даміяна Рымскіх горада Слуцка Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы ў «Жаночы манастыр у гонар святой праведнай Сафіі, княгіні Слуцкай у горадзе Слуцку Мінскай епархіі Беларускай Праваслаўнай Царквы».

Далей накіруемся ў Салігорск, у якім наведаем храм Нараджэння Хрыстовага, дзе раней служыў благачынны Жодзінскага благачыння , настаяцель храма звг.Сергія Раданежскага айцец Сергій Чуковіч. Горад Салігорск падобна нашаму Жодзіна – гэта буйны індустрыяльны горад рэспубліканскага значэння.

Кафедральны сабор Нараджэння Хрыстовага з'яўляецца самым вялікім праваслаўным храмам Мінскай вобласці і паўднёвай Беларусі.

Трэба адзначыць, што да 2000 года ў Салігорску не было ніводнага праваслаўнага храма. Інфраструктура горада, заснаванага ў савецкі час, не меркавала наяўнасці царквы.

Пасля знаёмства з прыходам вяртаемся дадому.